З нагоды ўрачыстага святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і для ушанавання памяці ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, што прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў музей прэзентуе часовую выставу дакументаў і ўзнагарод ваеннага фельчара Цімафея Рыгоравіча Буева.
Цімафей Рыгоравіч нарадзіўся 10 лютага 1909 г. у в. Стражава, Аршанскага павета, Магілёўскай губерні. У 1928 г. скончыў 7 класаў школы. У 1931 г. яго прызываюць на службу ў войска і накіроўваюць у школу санітарных інструктараў. З 1934 па 1935 гг. Цімафей Рыгоравіч праходзіць навучанне ў Ленінградскай школе ваенных лекарскіх памочнікаў пры Ваенна-медыцынскай акадэміі. Пасля заканчэння школы ён накіраваны сярэднім медработнікам 10 танкавай брыгады горада Барысаў, дзе праслужыў да верасня 1939 года. Удзельнічае ў вераснёўскім паходзе Чырвонай Арміі, вынікам якога стала ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
У 1940 годзе яго прымаюць у члены Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў). Перад вайной Цімафей Рыгоравіч служыць у горадзе Каўнас, дзе пражывае разам з сям’ёй - жонкай Надзеяй Цімафееўнай і дзецьмі: дачкой Верай і сынам Генадзем.
З 1941 па 1945 гг. Цімафей Рыгоравіч – удзельнік Вялікай Айчынай вайны, служыць у франтавым сартыравальным эвакуацыйным шпітале Заходняга, а з 1944 года - 3-га Беларускага франтоў, удзельнічае ў вызваленні Беларусі.
За ўдзел у баях пад час Вялікай Айчыннай вайны Цімафей Рыгоравіч узнагароджаны двума ардэнамі: "Красной звезды", "Красного знамени", медалямі "За оборону Москвы", "За боевые заслуги", “За Победу над Германией” і інш. Скончыў вайну ён у званні капітана медыцынскай службы.
Выстава праз дакументы, узнагароды, асабістыя рэчы Цімафея Рыгоравіча Буева, правядзе дарогамі яго няпростага жыцця ў мірны і ваенны час, пазнаёміць з лёсам аднаго чалавека, як адной са шматлікіх старонак гісторыі, падобных і адначасова непаўторных, што складаюць альманах гістарычнае памяці беларускага народа.

17.03.2018г. Абрадавае мерапрыемства «Гуканне вясны»!
13 сакавіка на базе Азярцоўскай СШ прайшоў дэбютны паказ пілотнага праекта Установы "Беларускі...
На тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту зноў ажыве эпоха...
Майстэрства і мастацтва цесна пераплялісь у адным невялічкім, але такім значным беларускім...