У экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту прадстаўлены помнікі народнай архітэктуры і матэрыяльнай традыцыйнай культуры беларусаў. Гэта навукова-інфармацыйны рэсурс музея, асаблівае адукацыйнае асяроддзе. З мэтай больш шырокага і глыбокага раскрыцця тэматычнага зместу экспазіцыі ствараюцца тэматычныя выстаўкі, якія ўдасканальваюць інфармацыйную прастору музея.
Ажыццяўленне культурна-адукацыйнага працэсу ў музеі – функцыя культурна-адукацыйнага аддзела. У аддзеле працуюць: загадчык аддзела, навуковы, малодшыя навуковыя супрацоўнікі, метадыст, акампаніятар, адміністратар, касір. Супрацоўнікі маюць гістарычную, філалагічную, тэатральную і музеязнаўчую адукацыю.
Камунікацыйная мадэль, пры якой аўдыторыя музея разглядаецца як раўнапраўны ўдзельнік дыялога, вызначае формы культурна-адукацыйнай дзейнасці.
Супрацоўнікамі аддзела на сёняшні дзень распрацаваны разнастайныя віды паслуг: тэматычныя эскурсіі, тэматычная эскурсія на англійскай мове, экскурсіі з інтэрактыўнымі элементамі, абрадавыя мерапрыемствы, музейна-педагагічныя заняткі, катанне на гужавым транспарце і інш.
Дадзеныя віды паслуг супрацоўнікі аддзела аказваюць як па асобных заяўках, так і пад час розных мерапрыемстваў, святаў народнага календара, арганізаванага карпаратыўнага адпачынку ў музеі.
Мэтамі культурна-адукацыйнага аддзела ў справе адукацыі, выхавання і фарміравання ў наведвальнікаў беражлівых адносін да культурна-гістарычнай спадчыны з’яўляюцца:
1. выхаванне і адукацыя наведвальнікаў на лепшых традыцыях нацыянальнай культуры;
2. павышэнне інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню ўсіх катэгорый наведвальнікаў;
3. ўкараненне новых форм і больш дасканалых метадаў у культурна-адукацыйную дзейнасць;
4. падтрымка станоўчага іміджу музея.
Сваю дзейнасць аддзел ажыццяўляе па наступных накірунках: “Музей і сям’я”, “Музей і ўстановы адукацыі”, “Музей і адпачынак”, “Музей і СМІ”,
Пры распрацоўцы праграм, святаў і мерапрыемстваў, а таксама пры аказанні асобных відаў паслуг, супрацоўнікі аддзела ўлічваюць кантынгент наведвальнікаў, у тым ліку сямейны.
Значную ролю музей адводзіць музейна-адукацыйным праграмам. Напрыклад, праграма для школьнікаў 1-2 класаў “Прывітанне, музей” створана на базе некалькіх форм культурна-адукацыйнай дзейнасці (экскурсіі з інтэрактыўнымі элементамі, музейна-педагагічныя заняткі). Наладжаны цесныя сувязі з Камітэтам адукацыі пры Мінгарвыканкаме і Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Больш за 2000 юнакоў і дзяўчат святкуюць “Развітанне са школай” штогадова на тэрыторыі музея. Ініцыятыву па яго правядзенню падтрымаў Камітэт адукацыі Мінгарвыканкама.
Прывабнасць беларускага скансэна абумоўліваецца наяўнасцю маляўнічага ландшафта, рэкрэацыйных зон для адпачынку, што павялічвае матывацыю наведвання музея. У апошнія гады тэрыторыя музея запатрабавана для арганізацыі карпаратыўнага адпачынку з культурна-адукацыйнымі праграмамі. Пад час карпаратыўных і культурна-масавых мерапрыемстваў (“Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Вербная нядзеля” і інш.) праводзяцца народныя гульні і забавы, выступаюць танцавальныя і фальклорныя гурты, арганізуюцца выстаўкі-продажы сувеніраў і вырабаў народных майстроў. У музеі праходзяць святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню пажылых людзей, Дню работнікаў культуры, Дню настаўніка, Дню медыкаў і іншым прафесійным святам.
У музеі наладжаны партнёрскія адносіны з каналамі тэлерадыёкампаніі па стварэнню рада сумесных праектаў з адукацыйнымі мэтамі. Праекты ствараюцца на падставе інфармацыі і пры непасрэдным удзеле навуковых супрацоўнікаў музея. Часта здымкі для перадач вядуцца ў экспазіцыі музея. Напрыклад, канал БТ расказваў у праграме “Добрай раніцы, Беларусь” (рубрыка “Далучаемся да беларускіх традыцый”) пра традыцыйныя святы беларусаў “Масленіцу”, “Гуканне вясны”, “Традыцыі святкавання Вялікдня і традыцыйныя гульні”. Канал “Сталічнае тэлебачанне” у праграме “Студыя добрага настрою” (рубрыка “Куды ідзем”) паказваў сюжэты аб традыцыйных транспартных сродках, аб ветраных млынах і працы млынара, аб лекавых зёлках. Дзіцячая праграма “Пазакласны час” тэлеканала “Лад” падрыхтавала цыкл перадач аб музеі-скансэне, аб гісторыі развіцця пчалярства на Беларусі (на базе тэматычнай выстаўкі), аб традыцыйным інтэр’еры жылля (хаты).