У складзе экспазіцыйнага сектара “Цэнтральная Беларусь” размешчана карчма з вёскі Хвоева Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Гэта помнік народнага дойлідства першай паловы ХІХ стагоддзя.
Карчма - гэта комплекс збудаванняў, дзе ў мінулым спыняліся для харчавання і начлегу падарожнікі. Тут праводзілі сходы вясковай грамады, адпачывалі, а па святах моладзь наладжвала гульні і скокі.
У комплекс карчомнага падворка ўваходзілі хлявы, стайня, гумно, склеп, калодзеж-журавель. Карчма складалася з памяшканняў сяней, шынка, пакоя для гасцей, крамы, кухні, жылых пакояў гаспадароў. Сені былі прахадным памяшканнем у шынок і гасцявы пакой, у якім спыняліся на начлег.
У музей карчма перавезена ў 1986 годзе і ўключана ў экспазіцыю пасля рэстаўрацыі.
На сённяшні момант карчма з’яўляецца помнікам-экспанатам з функцыяй аб’екта грамадскага харчавання, які прапануе наведвальнікам традыцыйную беларускую кухню. З 2006 года ва ўтульных памяшканнях шынка і гасцявога пакоя адначасова могуць атрымаць гэту паслугу звыш 70 чалавек. Карчма прапаноўвае дранікі, верашчаку, збіцень і іншыя стравы і напоі беларускай традыцыйнай кухні.
Плануецца аднавіць увесь комплекс карчмы, а пакуль што на карчомным падворку каркасна-жэрдкавая пабудова адрыны пад чаротавай страхой ў летні перыяд прымае наведвальнікаў.
На сайце www.kamyanitsa.relax.by можна атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра паслугі карчмы.
Тэлефон адміністрацыі карчмы: +375 (29) 694-51-24