Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту адносіцца да тыпу музеяў пад адкрытым небам або музеяў-скансэнаў. Музеі гэтага тыпу – гэта адна з формаў захавання і паказу помнікаў гісторыі і культуры ў блізкім да натуральнага асяроддзі. Як музей, што дэманструе народную, традыцыйную культуру краіны ў адзінстве яе рэгіянальных і лакальных асаблівасцяў, Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту адносіцца да музеяў этнаграфічнага комплекснага профілю рэспубліканскага значэння. Важным элементам экспазіцыі музея пад адкрытым небам з’яўляецца ландшафт. Беларускі скансэн адносна малады ў параўнанні з аналагічнымі музеямі свету.
Ідэя стварэння музея народнай архітэктуры і побыту пад адкрытым небам упершыню была выказана ў 1908 годзе вядомым беларускім мастаком Фердынандам Рушчыцам, аднак Першая сусветная вайна, а потым Другая сусветная вайна перашкодзілі ажыццяўленню яго задумы.
У 50-60-я гады на Беларусі інтэнсіўна вялося новае будаўніцтва, ствараліся аграпрамысловыя комплексы, паляпшаўся дабрабыт сяла, вызначаліся неперспектыўныя пасяленні. Узнікла рэальная пагроза страты помнікаў драўлянага дойлідства і народнай матэрыяльнай культуры.
З 1961 года на старонках рэспубліканскага друку з’яўляецца шэраг артыкулаў аб неабходнасці захавання помнікаў народнай архітэктуры і стварэння музея пад адкрытым небам.
9 снежня 1976 года Урадам Рэспублікі была прынята Пастанова № 347 “Аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту”, а для яе рэалізацыі загадам Міністэрства культуры арганізавана Рабочая група па стварэнню музея. У склад Рабочай групы ўвайшлі архітэктары, гісторыкі і этнографы. Пачалася вялікая навукова-экспедыцыйная работа па рэгіёнах рэспублікі з мэтай вывучэння, пошуку, фіксацыі і перавозкі помнікаў народнай драўлянай архітэктуры, прадметаў побыту, рамёстваў і промыслаў музейнага значэння.
Музейны комплекс павінен быў уключаць больш 250 помнікаў і 50 тыс. экспанатаў, вытворча-гаспадарчую зону, аб’екты інжынернага забеспячэння, унутрымузейныя дарогі, аб’екты добраўпарадкавання.
На працягу 1987-1994 гадоў для наведвальнікаў былі адчынены тры навукова-экспазіцыйных сектара: «Цэнтральная Беларусь» і часткова сфарміраваныя «Паазер'е» і «Падняпроўе». Сёння ў склад экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ўваходзяць каля 40 аб'ектаў, частка якіх знаходзіцца ў стадыі рэстаўрацыі.