Беларускае Паазер’е ахоплівае Віцебшчыну і часткова паўночныя раёны Мінскай вобласці. У гэтым гісторыка-этнаграфічным рэгіёне вельмі маляўнічы, узгорысты рэльеф. Узгоркі, парослыя змешаным лесам, чаргуюцца тут з забалочаннымі нізінамі, якія перасякаюць шматлікія рэчышчы, і старажытнымі катлавінамі, што ўтвараюць гірлянды маляўнічых азёр. Гэта абумовіла асаблівасці сельскіх паселішчаў Паазер’я, для якіх характэрна маладворнасць і бессістэмнасць забудовы.
Менавіта таму экспазіцыйны сектар “Паазер’е” прадстаўлены невялікай вёскай і асобна размешчаным хутарам – двума характэрнымі для рэгіёна тыпамі паселішча. У структуру музейнай паазерскай вёскі з бессістэмнай планіроўкай уваходзяць культавыя пабудовы, паазерскія вяночныя двары-комплексы, пабудовы прыгумення, малыя архітэктурныя формы.