Як паказвае сусветная музейная практыка, толькі малая частка музейных прадметаў знаходзіцца ў экспазіцыі, усе ж астатнія захоўваюцца ў фондах музея. У экспазіцыі нашага музея прадстаўлена каля 10% музейнага збору.
Фонды можна параўнаць з падмуркам, на якім будуецца музей. Менавіта таму адным з найважнейшых аддзелаў у музеі з'яўляецца навукова-фондавы. У ім асобна вылучаны сектар уліку, асноўнай задачай якога з'яўляецца афармленне дакументацыі на музейныя прадметы. Музейная статыстыка – таксама функцыя сектара ўліку.
Навуковыя супрацоўнікі – захавальнікі калекцый, вывучаюць прадметы і сочаць за іх захаванасцю. Кожны прадмет патрабуе адпаведных умоў захоўвання, якія даволі цяжка забяспечыць у музеі пад адкрытым небам. Тым не менш, захавальнікі калекцый сумесна з супрацоўнікамі рэстаўрацыйнага аддзела робяць усё магчымае, каб захаваць помнікі гісторыі і культуры для будучых пакаленняў.
У зборы музея налічваецца каля 19 тыс. музейных прадметаў і больш за 9 тыс. навукова-дапаможных матэрыялаў, сфармавана 32 музейныя калекцыі. Бясспрэчна, калекцыя помнікаў народнай архітэктуры з'яўляецца найбольш важнай калекцыяй музея. Гэта ўнікальныя прыклады народнага драўлянага дойлідства, якія паказаны ў экспазіцыйных сектарах музея.
Асноўная частка музейнага фонду з'яўляецца вынікам шматгадовых экспедыцый па розных рэгіёнах Беларусі, падчас якіх былі сабраны шматлікія традыцыйныя прылады працы, транспартныя сродкі, прадметы хатняга ўжытку, адзенне, творы мастацтва і г.д. Калекцыі музея вельмі разнастайныя, яны ярка і ўсебакова адлюстроўваюць жыццё нашых продкаў, народныя традыцыі і адметныя рысы беларускай культуры.