Ужо не першы год наш музей прымае ўдзел у правядзенні археалагічных раскопак. Сёлета з 15 ліпеня па 17 жніўня праходзіў археалагічны летнік “Скрабянец – 2022”. Летнік уяўляў сабой стацыянарную валанцёрскую экспедыцыю, такім чынам прыняць удзел у раскопках і ўласнымі рукамі дакрануцца да мінуўшчыны мог кожны жадаючы. Удзельнікі экспедыцыі жылі ў намётавым лагеры ў лесе, ежа гатавалася на вогнішчы, а навукова-паходная рамантыка суправаджала ўсё жыццё летніка.
Працамі кіравала навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Вікторыя Макоўская.
Даследаванні былі скіраваныя на вывучэнне курганнага могільніка ля в. Скрабянец Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Могільнік гэты быў ужо вядомы, у 1992 г. тут праходзілі раскопкі Інстытута гісторыі НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Людмілы Уладзіміраўны Дучыц. Тады, з дапамогай школьнікаў з суседняга г/п Падсвілле, былі даследаваныя 6 курганаў.
У курганах знаходзіліся пахаванні па абрадзе інгумацыі (трупапалажэння) у падкурганных ямах. Інвентар пахаванняў (рэчы, якія знаходзяцца ў магіле разам з нябожчыкам: элементы касцюма і ўпрыгажэнні, дробныя побытавыя рэчы, што насіліся пры сабе і г.д.) сведчыць аб тым, што пахаванні адносіліся да XI–XII стст., то бок да перыяду існавання на гэтых тэрыторыях старажытнарускага Полацкага княства.
У 2022 годзе былі даследаваны яшчэ 6 курганаў, у якіх выяўленыя 7 пахаванняў: 4 пахаванні дарослых мужчын, 2 жаночыя і адно пахаванне маленькай дзяўчынкі 5-6-гадовага ўзросту. Пахаванні былі здзейсненыя ў падкурганных ямах. Целы былі пакладзеныя ў выпрастаным стане, арыентаваныя галовамі на захад з невялікімі адхіленнямі, або, зрэдку, на усход. Пры гэтым усходняе арыентаванне сустракалася выключна ў мужчынскіх пахаваннях. Найбольш часта ў старажытнарускіх курганных могільніках з абрадам інгумацыі пад адным курганам знаходзіцца пахаванне аднаго чалавека, парныя пахаванні, або пахаванні большай колькасці людзей даволі рэдкія. У могільніку Скрабянец з 12 даследаваных насыпаў парныя пахаванні былі выяўленыя двойчы – Л.У. Дучыц у 1992 г. выявіла парнае пахаванне мужчыны і падлетка, што знаходзіліся ў адной вялікай яміне. Сёлета пад адным з насыпаў знаходзіліся дзве пахавальныя яміны – мужчынскае і жаночае пахаванні, арыентаваныя ў супрацьлеглых накірунках.
Звычайна мы ўяўляем сабе курган як пакрыты дзірваном круглы земляны насып. Аднак шматлікія даследаванні курганоў паказалі, што першапачаткова гэта былі больш складаныя пахавальныя канструкцыі, запоўненыя зямлёй. Але да нашага часу элементы і канструкцыі, зробленыя з арганічных матэрыялаў, перагнілі і разбурыліся, пакінуўшы для даследаванняў аплыўшыя земляныя пагоркі. Пра рэшткі пэўных канструкцыйных элементаў сведчаць сляды ў пясчаным запаўненні курганаў. Так, напрыклад, у некаторых профілях (разрэзах) курганаў былі бачныя сляды ад абкладкі з кавалкаў дзірвану, якая выкарыстоўвалася для ўмацавання схілаў пясчанага насыпу ад апаўзання. Бачна, што абкладка абмяжоўвала курган па перыметры і даходзіла амаль да самай яго вяршыні. У адным з курганаў прасочваліся сляды ад драўлянай агароджы, магчыма, умацоўваючай насып звонку. У сучасным хрысціянскім пахавальным абрадзе яма з труной нябожчыка адразу ж засыпаецца зямлёй. А ў некаторых курганах могільніка Скрабянец былі выяўленыя таксама сляды ад перакрыцця яміны зверху, якое з цягам часу перагнівала і апаўзала ў яму.
Складана сказаць, ці былі ўсе пахаваныя асобы, з даследаваных у 2022 г. курганаў, змешчаныя ў труны або нейкія іншыя драўляныя ёмістасці для цела: у пясчанай глебе арганічныя матэрыялы захоўваюцца надзвычай дрэнна. Рэшткі дрэва дакладна прасочваліся толькі ў пахаванні дзяўчынкі 5-6 гадоў. Па палажэнні некаторых шкілетаў можна меркаваць, што нябожчыкі маглі быць шчыльна загорнутыя ў саван.
На аснове даследаваных курганаў можна сказаць, што ў агульных рысах пахавальны абрад курганнага могільніка Скрабянец выглядаў наступным чынам: у зямлі выкопвалася яміна, у якую клалі цела нябожчыка, якое магло знаходзіцца ў драўлянай ёмістасці, а магло быць загорнутае ў тканіну. Яміна магла перакрывацца пэўным насцілам. Па перыметры будучага кургана рабіліся контуры абкладкі, якія паступова запаўняліся зямлёй і абкладаліся звонку дзірванам. Перад насыпаннем кургана па перыметры абкладкі выкопваліся асобныя ямы – раўчукі, зямля з якіх і выкарыстоўвалася для пабудовы насыпу.
Асобнай увагі заслугоўваюць рэчы, знойдзеныя пры нябожчыках у пахаваннях. Пахаванні мужчын амаль не ўтрымлівалі інвентару, выключэнне мог складаць жалезны нож, які размяшчаўся ў раёне таза (найбольш верагодна падвешваўся да пояса і з’яўляўся не толькі неабходнай у побыце рэччу, але і элементам касцюма). У жаночых пахаваннях змяшчалася значна большая колькасць рэчаў. Гэта, як правіла, былі ўпрыгажэнні, якія былі апранутыя на нябожчыцу падчас пахавання. Упрыгажэнні галавы прадстаўленыя скроневымі колцамі, якія маглі насіць у вушах як завушніцы, а маглі ўплятаць у валасы ці мацаваць да галаўнога ўбору. Шыйнымі ўпрыгажэннямі былі каралі з разнастайных пацерак, шкляных і каменных, а таксама дробных металічных падвесак. Цікавая знаходка была адкрытая ў адным з жаночых пахаванняў, дзе каралі з багатым наборам пацерак не былі апранутыя на шыю нябожчыцы, але былі аккуратна складзеныя ў раёне ключыцы. Рукі пахаваных жанчын упрыгожвалі бранзалеты і пярсцёнкі.
Падсумоўваючы папярэднія вынікі раскопак 2022 г. можна сказаць, што курганны могільнік Скрабянец – некропаль мясцовай сельскай супольнасці. Інгумацыі ў падкурганных ямах, наяўнасць трунаў, малая колькасць інвентару, які прадстаўлены пераважна ўпрыгажэннямі і элементамі касцюма, некаторая варыятыўнасць у пахавальным абрадзе сведчыць аб тым, што, найбольш верагодна, супольнасць, якая пакінула гэты могільнік, ужо была хрысціянізаванай. Пахавальны абрад у такім разе дэманструе адно з бачанняў хрысціянскага абраду аддаленай ад буйных адміністратыўных цэнтраў сельскай супольнасцю ва ўмовах, калі пахавальны абрад яшчэ не быў адзіным і стандартызаваным.
Акцыя «Цалкам бясплатна» дае магчымасць усім наведвальнікам нашага музея далучыцца да вывучэння...
Ух ты! 24 сакавіка – бясплатная экскурсія па сакрэтных аб'ектах.
Пра аказанне дапамогі
Купалле – старажытнае летняе свята ў гонар сонца, найвышэйшага росквіту зямлі і прыроды.