+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Топ-10 падзей у музеі ў 2025 годзе
Галоўная Падзеі Топ-10 падзей у музеі ў 2025 годзе
Топ-10 падзей у музеі ў 2025 годзе
222

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту віншуе ўсіх

З Новым годам і Калядамі!

Няхай кожны дзень надыходзячага года будзе яркім і незабыўным! Няхай у Вашым жыцці цуды здараюцца часцей, чым пра іх паспееце памарыць! Падзеі, якія ўзнікаюць, хай будуць прыемнымі, значнымі і прыгожымі, а жыццё – паспяховым і шчаслівым!

Адыходзячы год быў багаты на яркія і цікавыя падзеі для нашага музея, таму мы вырашылі падзяліцца імі!

Культурнае мерапрыемства года

«Гуканне вясны»

22 сакавіка 2025 года ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту панавала атмасфера радасці і абнаўлення. «Гуканне вясны» – абрадавае дзейства, звязанае з адмыканнем і абуджэннем зямлі, набліжэннем цяпла. У розных куточках Беларусі пачыналі гукаць вясну ў свой час – падчас масленічнага тыдня ці на Саракі, з прылётам жаваронкаў ці на Дабравешчанне. Гукалі вясну гучна, звонка і натхнёна. Дзяўчаты збіраліся разам і пачыналі спяваць «вяснянкі-заклічкі». Сонечны дзень, водар свежай зямлі і звонкі смех удзельнікаў стварылі непаўторны каларыт беларускага фальклору пад адкрытым небам.

Жывая традыцыя года

Свята «Шчадраванне на Палессі»

25 студзеня 2025 года ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту адбылося свята «Шчадраванне на Палессі», прысвечанае адраджэнню і папулярызацыі аднаго з найстаражытнейшых каляндарных абрадаў беларусаў. Наведвальнікам была прадстаўлена рэканструкцыя абрада абыходу двароў паводле звестак з вёсак Рычоў і Пагост Жыткавіцкага раёна, з традыцыйнымі пераапранутымі персанажамі і песнямі-шчадроўкамі, у якіх услаўляліся гаспадары і гаспадыні.

Мерапрыемства стала яскравым прыкладам жывой традыцыі, якая працягвае існаваць у сучаснай культурнай прасторы, дзякуючы беражліваму стаўленню да нематэрыяльнай спадчыны. Праз непасрэдны ўдзел наведвальннікаў, расповед пра Шчодрык, народныя танцы і гульні, свята садзейнічала перадачы традыцыйных ведаў.

Персанаж года

«Каваль»

Кавальская справа – гэта адно са старажытнейшых рамёстваў, вядомых чалавецтву. Стаць кавалём не так проста, бо  навучанне гэтаму майстэрству працягвалася ад 3 да 7 гадоў.

Каваль увасабляе жывую сувязь паміж матэрыяльнай спадчынай і нематэрыяльным духам беларусаў. Калі сядзіба ці царква стаяць як маўклівыя сведкі мінулага, то каваль сваёй працай ажыўляе іх, ствараючы тыя самыя дэталі: ад простага цвіка да мастацкай брамы, ад звычайнай падковы да найпрыгажэйшай клямкі. Майстар-клас па кавальству дазваляе не толькі пабачыць цуд ператварэння агню і металу, але й дакрануцца да гэтай архаічнай, але вечнай сілы. Гэта прамая перадача ведаў, якая ператварае статычны музей у інтэрактыўную прастору, дзе мінулае сустракаецца з сучаснасцю.

Аб'ект года

Помнік архітэктуры «Хутар з в. Цімошкава Міёрскага раёна»

Увядзенне ў эксплуатацыю новага экспазіцыйнага аб’екта – падзея не проста лакальнага, музейнага, але і агульнанацыянальнага маштаба, пра што сведчыць і статус помніка архітэктуры – гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й (нацыянальнай) катэгорыі значнасці.

Сядзіба з в. Цімошкава Міёрскага раёна па-сапраўднаму ўзбагаціла экспазіцыйны сектар «Паазер’е». Размешчаная напрыканцы экскурсійнага маршрута, яна дэманструе храналагічна позні ўзор сацыяльнага і маёмаснага становішча беларускіх сялян. У адрозненні ад большасці жылых пабудоў музея, павернутых да вуліцы тарцавымі сценамі, з уваходам  схаваным ў глыбіні двара, сядзіба з в. Цімошкава разгорнута шырокім галоўным фасадам да наведвальніка, ствараючы ўражанне гасціннасці гаспадароў.

Рэстаўрацыя года

Экспанаты для пастаяннай экспазіцыі

«Хутар з в. Цімошкава Міёрскага р-на».

Цягам 2025 года рэстаўрацыйны аддзел музея праводзіў работу па падрыхтоўцы музейных прадметаў і навукова-дапаможных матэрыялаў да экспанавання на пастаяннай экспазіцыі ў помніку народнай архітэктуры «Хутар з в. Цімошкава Міёрскага р-на», у выніку чаго прайшлі рэстаўрацыю і кансервацыю каля 100 адзінак захоўвання. На здымках паказаны некаторыя экспанаты да і пасля рэстаўрацыйных работ.

Паступленне года

Дыван маляваны «Пава з птушкамі ў кветках»

Адным з найбольш атрактыўных паступленняў у фонды музея ў 2025 годзе стаў выдатны прыклад народнага мастацтва – маляваны дыван «Пава з птушкамі ў кветках», які бытаваў у Вілейскім раёне. Выявы паваў у кампазіцыях маляваных дываноў былі пашыраныя на поўначы Беларусі (Вілейскі, Мядзельскі, Глыбоцкі, Міёрскі раёны).

У музейным дыване выкарыстоўваюцца характэрныя элементы: пава, тыповыя галінкі з кветкамі, галубы, але кожная частка кампазіцыі размешчана асобна, быццам незавершаная. Аўтар адначасова выкарыстоўвае сіметрыю і асіметрыю: па баках выкананы кветкавы роспіс, але кожны бок мае свой індывідуальны характар. У верхняй частцы дывана размешчаны плады: тры галінкі з вішнямі, тры гронкі вінаграда, па адной галінцы з яблыкамі і грушамі, зноў тры галінкі з вішнямі, скампанаваныя нераўнамерна. Цікавым элементам унізе кампазіцыі з’яўляецца певень, які стаіць на рагозе.

Выстава года

Выстава «Беларускія народныя абразы»

24 чэрвеня 2025 г. у г. Іўе ў Іўеўскім музеі нацыянальных культур урачыста была адчынена часовая выстава «Беларускія народныя абразы». Выстава дэманструе частку калекцыі народных абразоў з фондаў БДМНАіП.

Адкрыццё пачалося з артыстычнага выступу супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Я.С.Патапенка і У.Х.Берберава. З прывітальным словам да наведвальнікаў музея і гасцей мерапрыемства звярнуліся дырэктар Іўеўскага музея нацыянальных культур А.В.Віктарава і намеснік дырэктара БДМНАіП Я.І.Мікула. Грунтоўны выступ па тэме выставы і прадстаўленым на ёй музейным прадметам зрабіў загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела БДМНАіП І.В.Іваноў. Выставу з цікавасцю і добразычліва сустрэла мясцовая публіка, а  выступаючым асобам у час яе адкрыцця задаваліся шматлікія пытанні. Супрацоўніцтва БДМНАіП з рэгіянальнымі музеямі ў гэтым годдзе атрымала другі адчувальны штуршок пасля адкрыцця ў лютым 2025 г. у г. Горкі выставы «Асілкі зямлі беларускай».

Міжнародны праект года

Акцыя «Музейны полк»

(сумесна з Расійскім этнаграфічным музеем – г. Санкт-Пецярбург)

Акцыя праводзілася ў адпаведнасці з дамовай з Расійскім этнаграфічным музеем з г. Санкт-Пецербурга. Яе прыклад з’яўляецца ўзорам супрацоўніцтва паміж музеямі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

Акцыя прысвечана музейшчыкам, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Асноўны яе герой – Сяргей Сцяпанавіч Барысевіч, які нарадзіўся 11 верасня 1919 г. у г. Жлобіне Гомельскай вобласці. Беларус, бацькі па сацыяльным паходжанні – рабочыя. У 1937 г. скончыў СШ № 20 у г. Мінску. Жанаты (жонка-Шабуневіч Браніслава Антонаўна - 1922 г.н.), меў 3 сыноў – Мікалая (1941 г. н.), Віктара (1945 г. н.), Сяргея (1952 г. н.).

Узнагароджаны ўрадавай узнагародай – ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені. Яна выдадзена яму, як удзельніку вайны з нагоды 40-годдзя Перамогі 06.04.1985 г. дакумент № 75 знаходзіцца ў Цэнтральным архіве Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі – шафа 4, скрыня 5.

Інтэрнэт-праект года

Віртуальная выстава «Аскепкі вайны»

З смяротнага жалеза выкоўвалі прылады працы, а паходнае начынне салдат займала месца на кухонных паліцах.

Да 80-годдзя Вялікай Перамогі жадаючыя наведалі віртуальную выставу «Аскепкі вайны», дзе азнаёміліся з прадметамі побыту і прыладамі працы, пераробленымі з боепрыпасаў і салдацкага рыштунку. Гэта выстава рыхтавалася сумесна з нашым музеям-пабрацімам «Смоленская крепость» і музейныя прадметы сёння дэманструюцца ў двух музеях.

Рэкламны праект года

«У Новы год з талісманамі»

Натхняючыся беларускімі традыцыямі, АЗС А-100 разам з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту стварылі зімовую калекцыю кубачкаў – «У Новы год з талісманамі».

Прадстаўляем вашай увазе 3 талісманы:

  • Духмяны талісман – сагравае ў дарозе, як кубачак кавы;
  • Талісман падарожжа – падтрымлівае ў дарозе дзякуючы надзейнаму паліву ад АЗС А-100;
  • Талісман чысціні – прыдае бляск і свежасць, бо на А-100 ёсць усё неабходнае для таго, каб падтрымліваць чысціню аўтамабіля.

Калекцыю дапаўняюць сімвалы новага года, якія створаныя ў традыцыйных для беларускіх рамеснікаў матэрыялах – салома, дрэва, метал.

Акцыя суправаджалася відэа з беларускімі блогерамі сумесна з інтэрактывам ад супрацоўнікаў музея на музейныя тэмы

Няхай Ваш шлях у наступным годзе будзе цёплым, светлым, натхняльным!

З нашымі талісманамі ў вас усё будзе менавіта так!

З Новым годам і Калядамі!

Чытайце таксама
Фотасправаздача «Апошні званок»
3035
Фотасправаздача «Апошні званок»

30.05.2018г. «Апошні званок».

Свята «Вадохрышча»
722
Свята «Вадохрышча»

Падчас Каляд вылучаліся тры найбуйнейшыя кропкі гэтага вялікага і па значнасці, і па...

БлогерФЭСТ «Женщина - моя страна»
108
БлогерФЭСТ «Женщина - моя страна»

I-й Республиканский фестиваль блогеров «Женщина - моя страна» объединит творческих...

Дарагія сябры. Увага!
516
Дарагія сябры. Увага!

7 лістапада "Чырвоны дзень календара" - менавіта так называлі свята, прысвечанае...