Народную медыцыну называюць прамаці навуковага лячэння хвароб. Лекавыя расліны былі вядомы яшчэ з далекай мінуўшчыны і шырока выкарыстоўваліся на Беларусі. Народнае знахарства мы разглядаем як звяно традыцыйнай культуры, у змесце якога закладзены не толькі інфармацыйны пачатак па знахарству, але і захаваны глыбокі пласт духоўнай культуры, якая цесна звязана з абраднасцю, правіламі побыту, культурай і асаблівасцямі традыцыйнага харчавання. Таямніцамі лекавых раслін валодалі ведуны, знахары, кастаправы. Сабраныя рэцэпты і веды старанна ахоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. З развіццём пісьменнасці накопленыя практычныя навыкі фіксаваліся ў рукапісных кнігах, а пазней друкаваліся ў спецыяльных выданнях.
У народнай медыцыне мінулага выкарыстоўвалася больш за тысячу раслін. Цяпер у айчыннай медыцыне ўжываецца не больш за 200 відаў. На тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту растуць 155 відаў лекавых раслін, некаторыя з іх занесены ў «Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь». Пра захоўванне гэтых раслін трэба клапаціцца своечасова. Менавіта таму вынікам працы супрацоўнікаў ландшафтна-этнаграфічнага аддзела стала стварэнне агарода лекавых раслін у комплексе пагоннага двара з вёскі Садавічы Капыльскага раёна. Тут сабраны як найбольш цікавыя расліны прыроднай флоры Беларусі, так і інтрадуцыраваныя (прывезеныя), якія вельмі добра адаптаваліся да прыродных умоў нашай краіны. Акрамя таго, дадзеныя расліны маюць цудоўныя дэкаратыўныя ўласцівасці. На сённяшні дзень калекцыя раслін налічвае 37 відаў, 9 з якіх знаходзяцца пад аховай.
Таўлай Святлана Вікенцьеўна,
загадчык ландшафтна-этнаграфічнага аддзела.
14.11.2020г. запрашаем прыняць удзел у абрадавым мерапрыемстве «Вячоркі» на тэрыторыі музея!
Перадпродаж квіткоў на «Масленіцу»
(Відэа) Музычны гурт НагУаль запрашае ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту...