+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Фотасправаздача «Адкрыццё экспазіцыі «Кватэра-майстэрня мінскага краўца»
Галоўная Падзеі Фотасправаздача «Адкрыццё экспазіцыі «Кватэра-майстэрня мінскага краўца»
Фотасправаздача «Адкрыццё экспазіцыі «Кватэра-майстэрня мінскага краўца»
2385

Фотасправаздача

«Адкрыццё экспазіцыі «Кватэра-майстэрня мінскага краўца»

9 снежня 2021 года

Другая палова ХІХ ст. – час разгортвання навукова-тэхнічнай рэвалюцыі,  калі на эканамічную арэну выходзяць буйныя фабрыканты і буржуазія, як будучы палітычны апанент апошняй фарміруецца гарадскі пралетарыят. Разам з тым у Мінску жывуць і працуюць тысячы людзей, што зарабляюць на жыццё ручным трудом – кавалі, меднікі, краўцы, шаўцы, пекары, столяры, бондары і г.д. Рамесная вытворчасць працягвае існаваць ў форме цэхавай арганізацыі, вядомай ужо тры стагоддзі, хоць і перажывае заняпад. Капіталістычныя адносіны разбураюць архаічны цэхавы уклад.

Даўно мінулі слаўныя дні, калі атрымаць статус майстра было гонарам для мяшчаніна, а людзі рамесніцкіх прафесій складалі ядро насельніцтва сярэднявечнага горада. Сышоў рамантызм мінулай эпохі: каралеўскія прывілеі і цэхавыя статуты магдэбургскіх часоў былі заменены агульнадзяржаўным расійскім законам – «ремесленным уставом». Прыгожыя расшытыя харугвы, што меў кожны рамесніцкі цэх, з гонарам распраўляючы падчас сходкі майстроў, прыезду ў горад караля, пыліліся пад цяжарам прыходна-расходных кніг і бюракратычных папер.  Нязменнай заставалася толькі цяжкая ручная праца.

Нягледзячы на колькасны рост фабрык і заводаў, менавіта ручная вытворчасць задавальняла патрэбы гараджан і жыхароў ваколіц. Таму з агульным прыростам насельніцтва Мінска, расла і колькасць рамеснікаў, якая цягам другой паловы ХІХ ст. павялічылася ў два разы і ў пачатку ХХ ст. дасягала каля 6 тыс. чалавек. Асабліва шмат сярод іх было шаўцоў, краўцоў: забяспечанасць адзеннем і абуткам ва ўсе часы была адной з галоўных чалавечых патрэбаў.

Традыцыйна рамесніцтвам займаліся яўрэі. Так, па выніках перапісу 1897 г. сярод зафіксаваных у Мінску 4600 рамеснікаў, занятых у вырабе адзення 3500 належылі да яўрэйскай народнасці. Жыццё, побыт, заняткі гэтых людзей, уплеценыя ў гісторыю Мінска, фарміравалі сацыяльна-эканамічны, культурны, архітэктурны вобраз горада – звыклае асяроддзе губернскага горада, але зніклае назаўжды для сучасных мінакоў.

Журба аб страчаным гістарычным цэнтры менчукамі даўно пераўтворана ў спадчыну, што перадаецца ў рэдкіх фотаздымках, а ўсё болей у вобразах, што сілай уяўлення малююць іншы свет: вузкія вуліцы Замчышча, шчыльныя рады рамесніцкіх дамоў-майстэрняў, грукат малатка, роўны гул швейнай машынкі… Натхнёныя гэтымі вобразамі, да 45-годдзя музея, супрацоўнікі музея падрыхтавалі новую экспазіцыю – «Кватэра-майстэрня мінскага краўца».

Прыходзьце ў госці, каб пабачыць, як жыла маладая яўрэйская сям’я майстра-краўца ў к. ХІХ-пач. ХХ стст., пазнаёміцца з прадметамі гарадскога побыту, даведацца, як будаваліся прафесійныя адносіны паміж майстрам і вучнямі, пра сацыяльна-эканамічнае становішча і дабрабыт рамеснікаў напрыканцы існавання цэхавай традыцыі.

 

 
Чытайце таксама
Мерапрыемства  «Ноч музеяў»
1093
Мерапрыемства «Ноч музеяў»

Незвычайныя і таемныя гісторыі пад начным зорным небам можна будзе пачуць 18 мая з нагоды...

Абрадавае мерапрыемства «Шчадрэц»
1710
Абрадавае мерапрыемства «Шчадрэц»

15 студзеня 2022 года запрашаем вас далучыцца да гэтай цікавай зімовай традыцыі!

Фотасправаздача «Зялёныя святкі»
3661
Фотасправаздача «Зялёныя святкі»

27.05.2018г. Абрадавае мерапрыемства «Зялёныя святкі»

УВАГА! Цэны на квіткі ў музей 23 верасня 2023 года!
1004
УВАГА! Цэны на квіткі ў музей 23 верасня 2023 года!

Паважаныя наведвальнікі!   У суботу 23 верасня 2023 года па тэхнічных прычынах будзе...