+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Пакроўская царква з вёскі Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці
Галоўная Экспазіцыя Цэнтральная Беларусь Пакроўская царква з вёскі Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці
Пакроўская царква з вёскі Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці

На плошчы экспазіцыйнага сяла размешчана Пакроўская царква ХVІІІ стагоддзя з вёскі Логнавічы Клецкага раёна Мінскай вобласці. Царкоўны цвінтар агароджаны парканам з варотамі і веснічкамі пад дахам.

Прастора Пакроўскай царквы сёння традыцыйна падзяляецца на прытвор, неф і алтарную частку. Але маюцца меркаванні, што існуючы прытвор з барочнай вежай і цыбулістай глаўкай быў прыбудаваны да царквы ў пачатку XIX ст., да гэтага невялічкі прытвор займаў частку нефа. Верагодней за ўсё гэта спачатку была капліца, пра якую ёсць гістарычныя звесткі ў кнізе “Візіты грэка-уніяцкіх цэркваў Нясвіжскага і Клецкага дэканатаў” 1784 года. Існуюць звесткі, што ў алтарнай частцы царквы размяшчалася надгробная пліта Ганараты Пуляноўскай (да замужжа Арачэўскай), якая памерла ў 1828 годзе. Верагодна, менавіта на грошы Пуляноўскіх царква перабудоўвалася ў пачатку XIX стагоддзя, у гэты час набывалася таксама царкоўнае начынне, у тым ліку абразы.

У кліравых ведамасцях 1857 года гаворыцца аб неабходнасці правядзення рамонта. Згодна ведамасці 1879 года, у 1866 годзе царква была адноўлена намаганнямі прыхаджан.

Апошні рамонт у царкве, згодна звестак старажылаў, быў праведзены падчас польскай улады сіламі карэнных жыхароў на пачатку 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Па звестках жыхароў, да Логнавіцкай царквы былі прызначаны асобныя святар і дыякан, такім чынам, яна набыла статус самастойнай. Але ў Заастравеччы ў 1935 годзе асвяцілі Дыянісійскую царкву, куды перайшлі логнавіцкія святары. Пасля 1935 года набажэнствы ў царкве праводзіліся зрэдку, апошняе было праведзена ў 1954 годзе. У 1985 годзе помнік быў перавезены на тэрыторыю музея і ўлучаны ў склад сектара "Цэнтральная Беларусь".

У помніку архітэктуры прадстаўлены інтэр’ер уніяцкага храма. Да 1839 года (Полацкага царкоўнага сабора) царква з'яўлялася ўніяцкай, затым праваслаўнай.