Пры канцы сядзібы – гумно з вёскі Лучнікі Слуцкага раёна – пабудова для прасушкі, абмалоту ўраджаю і чысткі зерня. Гэты помнік уяўляе сабой рэканструкцыю гумна, якое пабудаваў селянін Васіль Крот у 1927 годзе. Рэканструкцыя помніка зроблена паводле даследванняў этнографаў у 20-я гады мінулага стагоддзя на чале з Н.І. Лебедзевай.
Насельніцтва вёскі Лучнікі здаўна мела цесныя сувязі з горадам Слуцкам. Вёска знаходзіцца за 3 км на паўночны захад ад горада. З сярэдзіны ХVІІ стагоддзя навакольныя каля Слуцка вёскі былі заселены наёмнымі салдатамі-пехацінцамі, так званымі "выбранцамі", якія неслі вайсковую службу за зямельныя надзелы. Жылі "выбранцы" і ў вёсцы Лучнікі.