Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь сумесна з Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту прэзентуе выставу «Забытыя асілкі зямлі беларускай», урачыстае адкрыццё якой адбудзецца 14 сакавіка 2019 г. Музей валодае шматлікімі калекцыямі, але галоўнымі экспанатамі, асновай музейнай экспазіцыі, з’яўляюцца помнікі народнага дойлідства XVIII – пач. ХХ стст., перавезеныя з розных раёнаў Беларусі.
Аднымі з самых цікавых і незвычайных аб’ектаў для сучаснага наведвальніка з’яўляюцца ветраныя млыны. Яшчэ сто гадоў таму вясковы пейзаж было цяжка ўявіць без ветракоў: стаялі яны на ўзгорках, дзе добра дзьмуў вецер, у адзіночку ці па некалькі, былі добра бачныя здалёк, служылі своеасаблівымі арыенцірамі падарожніку, збіралі вакол сябе жыхароў суседніх вёсак. Сёння архітэктура ветракоў стала сапраўдным упрыгожваннем, пярлінай музейнай вёскі.
Працоўнай групай БДМНАіП у 1970-1980-я гг. быў зроблены шэраг экспедыцый па Беларусі, што ставілі на мэце пошук аб’ектаў для перавозу на тэрыторыю музея. Супрацоўнікамі фіксаваліся помнікі народнай архітэктуры, фонды музея захоўваюць багатую калекцыю негатываў з этнаграфічных экспедыцый тых часоў, сярод якіх вылучаюцца шматлікія фотаздымкі млыноў з Клецкага, Нясвіжскага, Іванаўскага, Пружанскага, Свіслацкага, Мядзельскага, Хоцімскага, Касцюковіцкага, Хойніцкага і іншых раёнаў. На жаль, большасць з іх ужо не існуе, аднак тры аб’екты атрымалі «другое жыццё» ў музеі. Прапануем азнаёміцца з унікальным фотаматэрыялам, які дэманструе тэхнічны стан і захаванасць ветракоў на момант іх фіксацыі, а таксама дае ўяўленне пра тытанічную работу, што была зроблена папярэднікамі для захавання помнікаў драўлянага дойлідства. Упершыню дэманструюцца архіўныя дакументы: чарнавыя запісы членаў рабочай групы, чарцяжы-праекты аднаўлення, фотаматэрыялы, якія дэманструюць працэс разборкі і перавозу фрагментаў будынка.
Выстава разлічана на тых, хто знаёмы з экспазіцыяй музея архітэктуры і побыту, або цікавіцца драўлянай архітэктурай, этнаграфіяй Беларусі. Запрашаем да наведвання!