У 2016 годзе ў Музеі народнага побыту Літвы (г.Румшышкес) адбылася выстава “Вяселле Заходняга Палесся”, дзе экспанаваліся народныя строі, фотаздымкі дадзенага рэгіёна, таксама прадметы побыту, музычныя інструменты і іншыя прадметы з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.
Заходняе Палессе – самабытны рэгіён Беларусі, які раскінуўся паміж верхняй Прыпяццю і яе прытокамі Пінай і Ясельдай і займае большую частку Брэсцкай вобласці.
На жаль, пакуль гэты рэгіён не прадстаўлены як навукова-экспазіцыйны сектар у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Але ў зборах музея знаходзіцца вялікая колькасць музейных прадметаў з Заходняга Палесся, якія былі набыты для музея падчас экспедыцый 1980-90-х гг.
У 2016 годзе ў Музеі народнага побыту Літвы (г.Румшышкес) адбудзецца выстава “Вяселле Заходняга Палесся”, дзе будуць экспанавацца народныя строі, фотаздымкі дадзенага рэгіёна, таксама прадметы побыту, музычныя інструменты і іншыя прадметы з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту.
Сёння мы рады пазнаёміць нашых віртуальных наведвальнікаў з часткай выставы, дзе прадстаўлены фотаздымкі, зробленыя з фотанегатываў, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Фотаздымкі былі зроблены ў 1980-х гг. у Пінскім, Драгічынскім, Столінскім, Кобрынскім раёнах Брэсцкай вобласці этнографам, мастацтвазнаўцам Раманюком М.Ф., а таксама супрацоўнікамі музея падчас шматлікіх экспедыцый.
Некаторыя народныя строі, якія можна ўбачыць на віртуальнай выставе, экспанаваліся ў Музеі народнага побыту Літвы.
Дадзеная частка фотаздымкаў дае магчымасць убачыць жылыя і гаспадарчыя пабудовы, інтрэр’еры хаты, храма ў Пінскім, Столінскім, Кобрынскім раёнах Брэсцкай вобласці. Фотаздымкі былі зроблены падчас экспедыцый 1978г., 1980г. супрацоўнікамі музея Лук'янчыкам М.В., Шаставец У.І.
Вялікую цікавасць выклікаюць фотаздымкі 1984 г., зробленыя Раманюком М.Ф. у в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. На іх – жанчыны ў традыцыйных святочных строях 1920-30-х гг. Таксама ўнікальны фотаздымак з паказам нявесты ў вясельным строі з вянком і побач жанчын у святочных касцюмах.
Негатывы, перададзеныя ў музей Раманюком М.Ф., сталі першымі прадметамі ў музейнай калекцыі “Фотанегатывы”.
У межах экспедыцыі, якая была здзейснена летам 1985г. супрацоўнікамі музея Фурс Г.І. і Крыштаповічам А.Я., былі сфатаграфаваны святочныя касцюмы нявесты і дружкі, якія бытавалі ў в. Хабовічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў 1920-х гг.
Пастановачныя фотаздымкі выкананы пры дапамозе строяў, якія належалі жыхаркам вёскі Хабовічы Выловік Ярыне 1908 г. н., Вакуліч Хрысціне 1904 г.н. Дадзеныя касцюмы набыты супрацоўнікамі падчас экспедыцыі і захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
Летам 1985 г. адбылася экспедыцыя з удзелам супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Фурс Г.І., Крыштаповіча А.Я. у в. Бездзеж Драгічынскага раёна. Яны зрабілі пастановачныя фотаздымкі моладзі ў вясельных строях 1920-х гг. маладой, маладога і дружак.
Удзельнікі фотасесіі апрануты ў касцюмы, якія належалі жыхаркам вёскі Бездзеж: Янушчык Праскоўі 1907 г.н., Янушчык Сцепанідзе 1910 г.н., Бабілевіч Сцепанідзе 1913 г.н. Дадзеныя касцюмы набыты супрацоўнікамі падчас экспедыцыі і захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
Фотаздымкі зроблены на фоне Свята-Троіцкай царквы в. Бездзеж, якая была пабудавана ў канцы XVIII ст.