+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (вт-вс)
Каса працуе
11:00-18:30 (вт-вс)
Прадметы хатняга ўжытку з дрэва
Галоўная Калекцыі Прадметы хатняга ўжытку з дрэва
Прадметы хатняга ўжытку з дрэва

Ад самай старажытнасці дрэва было асноўным вытворчым матэрыялам для чалавека. Нашыя продкі не толькі будавалі з дрэва свае дамы, але і рабілі з яго амаль усё хатняе начынне, ад мэблі да посуду. У дадзенай калекцыі прадстаўлены драўляныя прадметы, якімі людзі карысталіся ў штодзённым побыце. Калекцыя “Прадметы хатняга ўжытку з дрэва” з’яўляеццца адной з самых вялікіх у музеі і налічвае каля 1500 адзінак асноўнага фонду.

У калекцыі прадстаўлены розныя па тэхніцы выканання і функцыянальным прызначэнні вырабы: бандарныя (зробленыя з драўляных клёпак, сцягнутых абручамі) – дзежкі, маслабойкі, кублы, вёдры; выкананыя на такарным станку – падсвечнікі, сальніцы, чашы, маслёнкі; выдзяўбаныя з цэльнага дрэва – каўшы, ночвы, ступы, кадаўбы; выразаныя з дрэва – лыжкі, качалкі, грэбні, пранікі; зробленыя з кары дрэваў – берасцянкі, лубкі, сявенькі, валізы. Акрамя непасрэдных утылітарных функцый гэтыя прадметы адлюстроўваюць ўяўленні аб прыгажосці, характэрныя для беларускіх сялян. Калекцыя цікавая таксма і тым, што многія яе прадметы даўно выйшлі з ужытку, стаўшы асновай для сучасных прыладаў. Храналогічна калекцыя ахоплівае перыяд ад пачатку ХIX да другой паловы XX стст. і даволі поўна адлюстроўвае сялянскі побыт гэтага часу.

 

Ступа


Ступа
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Ступа. КП 7976 Д2 1254; Ейны, вёска / Дзісненскі павет / Віленская губерня / Расійкая Імперыя; 1898; дрэва (дуб); дзяўбленне, разьба, тачэнне; в - 21, д1 - 12,5 ,д2 - 13,3.

Ступа – гэта традыцыйная прылада для апрацоўкі зерня на крупы, або для здрабнення спецый. Ступы вядомы на тэрыторыі Беларусі яшчэ са старажытнарускага часу і выкарыстоўваліся да сярэдзіны 20 ст. Яны падзяляюцца на ручныя і нажныя. Ручная ступа мела 2 часткі: непасрэдна ступу як ёмістасць і тоўстую выструганую палку – таўкач (у невялікіх ступках – пест). Звычайна ручная ступа была каля 110-120 см у вышыню і дастатковага дыяметру, каб зерне маглі таўчы нават у 2 таўкачы. Невялікія ступы, як гэтая, маглі быць металічнымі або драўлянымі (у сялянскім побыце сустракаліся амаль выключна драўляныя), і выкарыстоўваліся для штодзённых кухонных мэтаў: перацірання, здрабнення зёлак, спецый і сухіх прадуктаў.

Ступа была вырабленая ў 1898 г. і бытавала ў вёсцы Ейны Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці.

 

Сальніца


Сальніца
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Сальніца. КП 3429 Д2 608; Будча, вёска / Слуцкі павет / Мінская губерня / Расійская Імперыя; 1901 – 1920; дрэва; дзяўбленне, разьба; в. – 9; д1 – 14; д2 – 15.

Гэты прадмет прадстаўляе адзін з тыпаў сальніц, якімі карысталіся ў побыце. Такія невялікія сальніцы звычайна ставілі на стол побач з хлебам. Яны маглі быць вытачаныя на станку або выразаныя ці выдзяўбаныя з дрэва. Звычайна невялікія сальніцы ўпрыгожваліся сціплым арнаментам, і акрамя практычных, мелі яшчэ і абрадавыя функцыі.

Гэтая сальніца выдзяўбаная з цэльнага кавалку дрэва і зробленая ў выглядзе каўша. Яе вырабіў Савеня Лявон Лукіч у пачатку ХХ ст. Бытавала ў вёсцы Будча.

 

Берасцянка


Берасцянка
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Берасцянка. КП 7439/аб Д2 1217/аб; Польская Рэспубліка;1931-1940; бяроста, дрэва; пляценне; в. – 21,5; д1 – 14, д2 – 14,5.

Берасцянкамі называлі невялікія бочачкі з вечкам, зробленыя з берасцянога скрутка. Яны прызначаліся для захавання мёду, круп, прыпраў і інш. прадуктаў. Пры вырабе канцы берасцянога скрутка змацоўвалі злучэннем “у замок”, далучалі драўлянае дно, паверхню сценак часта аздаблялі ціснёным узорам. Берасцянкі выйшлі з ужытку ў другой палове ХХ ст.

Прадмет бытаваў у вёсцы Ахрэмаўшчына Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.

 

Дзяжа «дзежачка»

 


Дзяжа
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Дзяжа “дзежачка”. КП 2593а Д2 419; Беражцы, вёска / Мазырскі павет / Мінская губерня / Расійская Імперыя; 1901 – 1920; дрэва (сасна); рамяство бандарнае; в. – 12; д1 – 14; д2 – 16,5.

Дзяжа прызначалася для заквашвання цеста і звычайна мела форму шырокай бочачкі. Дзяжа меленькіх памераў, як гэтая,  называлася таксама дзежка або блінніца і служыла для закваскі цеста на бліны. Дзяжа была цесна звязаная з культам хлеба, і ў інтэр’еры сялянскай хаты ёй адводзілі пачэснае месца: ставілі на покуці пад абразамі, накрывалі ручніком-набожнікам. Дзяжа выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля.

Вырабіў дзяжу Меляшчэня Мікалай, у пачатку ХХ ст. Бытавала яна ў вёсцы Беражцы Жыткавіцкага р-ну, Гомельскай вобл. і служыла для захоўвання швейных прыладаў: напарсткаў, нітак.

 

Коўш “Карэц”


Коўшык
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Коўш “Карэц”. КП 14516 Д2 1556; Расійская Імперыя; 1891-1900 (?); дрэва; дзяўбленне, разьба; в – 13; д1 – 11; д2 – 11.

Каўшом называлі драўляную прыладу для перасыпання зерня, мукі і інш. сыпучых рэчываў. Коўш звычайна быў авальнай формы і меў ручку, якая завяршалася круком або адтулінай для падвешвання. Вельмі часта каўшы ўпрыгожваліся разнастайнымі разнымі ўзорамі, мелі разныя ручкі. Коўш цыліндрычнай формы, больш прыдатны для зачэрпвання і піцця вады, квасу, бярозавіку і г.д. казывалі таксама “карэц”.

Дадзены коўш выраблены ў  канцы  ХІХ ст. Ён знойдзены падчас экспедыцыі ў закінутай хаце ў вёсцы Дунілавічы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Прызначаўся для вадкасцяў.

 

Табакерка


Табакерка
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Табакерка. КП 4071 Д2 766; Гваздовічы, вёска / Дзісненскі павет / Віленская губернія / Расійская Імперыя; 1901 – 1920; кап бярозавы, метал; разьба; даўж. – 7; шыр. – 10; выш. – 2,5.

У канцы XIX – пач. ХХ ст., разам з масавым распаўсюджаннем тытуню, сярод насельніцтва набываюць папулярнасць партсігары і табакеркі. Яны рабіліся як са срэбра і іншых каляровых металаў, так і з дрэва. Бытавалі як фабрычныя вырабы, так і саматужныя. У адрозненне ад партсігараў, табакеркі прызначаліся для захоўвання нюхальнага тытуню і мелі форму невялікіх скрыначак. Падобная форма: у выглядзе кнігі, надавалася таксама партсігарам і запалачніцам. На беларускіх тэрыторыях яна атрымала распаўсюд у дарэвалюцыйнай саматужнай вытворчасці і працягвала існаваць у савецкі час ужо ў якасці прамысловага вырабу. Пасля вынаходніцтва кардонных пакункаў для цыгарэт, партсігары і табакеркі паступова выйшлі з ужытку.

Гэтая табакерка выраблена з карэльскай бярозы ў пачатку ХХ ст. Бытавала ў вёсцы Гваздовічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобласці.

 

Сальніца “саляначка”


Сальніца
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Сальніца “саляначка”. КП 1640 Д2 208; Янушоўка, вёска / Вілейскі павет / Віленскае ваяводства / Польская Рэспубліка; 1920-я; кап бярозавы; тачэнне; в. – 13,5; д1 – 12, д2 – 10.

Сальніцы выкарыстоўваліся для захавання солі і былі пераважна драўлянымі. Існавала некалькі асноўных відаў сальніц: вялікія, для захавання “пра запас” стаялі ў кляці ці ў каморы, а невялікія прамавугольныя маглі падвешвацца да сцяны побач са сталом або паліцай. Сальніцы, падобныя на гэту, ставілі на стол побач з хлебам. Яны звычайна вытачваліся ў форме ступак або кубкаў і ўпрыгожваліся разьбяным дэкорам.

Сальніцу вырабіў Казлоўскі Міхаіл Усцінавіч 1901 года нараджэння у 20-я гг. ХХ ст. Бытавала яна ў сям'і Казлоўскіх у вёсцы Янушоўка Мядзельскага р-ну.