+375 172905913 +375 175138610 museum@etna.by
Экспазіцыя працуе
11:00-19:00 (ср-вскр)
Каса працуе
11:00-18:30 (ср-вскр)
Кераміка
Кераміка

Калекцыя “Кераміка” Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту з’яўляецца адной з найбольш буйных музейных калекцый ганчарных вырабаў у Беларусі. Яна налічвае каля 1900 музейных прадметаў. У першую чаргу, гэта керамічны посуд і некаторыя іншыя рэчы гаспадарчага прызначэння, створаныя народнымі майстрамі-ганчарамі ў другой палове XIX − XX стст. Захоўваецца ў калекцыі таксама нямала выдатных узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дробнай пластыкі.

Геаграфія вырабаў ахоплівае ўсе гістарычна-этнаграфічныя рэгіёны Беларусі, дзякуючы чаму калекцыя “Кераміка” выразна адлюстроўвае лакальныя асаблівасці народнага ганчарства. Значная колькасць прадметаў паходзіць з буйных ганчарных цэнтраў: белагліняны ангабіраваны посуд з Гарадной, чорнаглянцаваная кераміка з Пружан і Поразава, гартаваны посуд з Ганевіч і Сіняўкі, распісаны эмалевымі фарбамі посуд з Ракава, прыклады мастацкай керамікі з Копысі. Шэраг вырабаў створаны вядомымі майстрамі: А. Р. Такарэўскім, І. І. Шопікам, М. В. Шэкіным, З. Л. Жылінскім і іншымі. Многія прадметы з калекцыі выкарыстоўваюцца ў экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, дзе яны служаць часткай інтэр’еру сялянскай хаты.

Гаршчок


Гаршчок
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Гаршчок  НД 130; Польская Рэспубліка;  1920-я гг.; гліна, бяроста; тачэнне, абпал, аплятанне; в.- 17.5; д1- 17; д2- 12.5.

Аплятанне керамічнага посуду берасцянымі стужкамі было распаўсюджана ў паўночнай Беларусі.Звычайна аплетку рабілі на вырабах, якія служылі для захоўвання і халоднага прыгатавання прадуктаў. Пячны посуд, як у дадзеным выпадку, апляталі пасля ўзнікнення расколін, што дазваляла ўмацаваць пасудзіну і прадухіліць яе далейшае пашкоджанне. У выніку такой апрацоўкі гаршчок быў ужо не прыдатны для прыгатавання ежы ў печы, таму яго выкарыстоўвалі для адстойвання малака пры вырабе смятаны. Прадмет бытаваў у вёсцы Германовічы Шаркаўшчынскага раёна.

Гляк


Гляк
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Гляк КП 10079 К 1365; Гарадная, вёска / Столінскі павет / Палескае ваяводства / Польская Рэспубліка ; 1930-я гг.; гліна; тачэнне, ангоб, абпал; в. - 20; д1 – 5; д2 – 13.

Глякі прызначаліся для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (у першую чаргу вадкасцяў, што доўга не псуюцца: вады, віна, алею і і г.д.). Іх галоўнай асаблівасцю з’яўляецца кароткая вузкая гарлавіна, у якую можна лёгка ўставіць корак. Менавіта таму гляк зручна было браць з сабой у дарогу – у поле ці на сенакос. На Брэстчыне , як ва Украіне, гэты тып посуду называлі таксама “бунька”.

Прадмет выраблены ў Гарадной – адным з найбольш буйных і вядомых ганчарных цэнтраў Беларусі. Дзякуючы залежам светлай гліны, гараднянская кераміка вылучаецца сваім адметным белым колерам. Многія вырабы мясцовыя ганчары ўпрыгожвалі ангобам (“апіскай”) з чырвонай гліны. Рабілі “апіску” з дапамогай пэндзліка з курынага пяра, не здымаючы вытачаную пасудзіну з круга. Дадзены гляк дэкараваны тыповым для Гарадной ангобным роспісам: палосы на гарлавіне і на верхняй частцы тулава, размежаваныя касымі мазкамі.

З канца 1930-х гг. у Гарадной пачынаюць актыўна рабіць посуд, пакрыты палівай, у сувязі з чым знікае патрэба ў ангобным дэкоры.

Збан-дайнік


Збан
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Збан-дайнік; КП 16115 К 1861; Ракаў, мястэчка / Маладзечанскі павет / Віленскае ваяводства / Польская рэспубліка; 1930-я гг.; гліна; тачэнне, роспіс падпаліўны поліхромны, паліва, абпал; в. - 25; д1 - 18; д2 – 11.

Збаны-дайнікі выраблялі ганчары з Івянца і Ракава. Яны вылучаюцца масіўнай прыземістай формай і маюць шырокае горла з выразна прафіляваным носікам для зліву.

Збан упрыгожаны раслінным роспісам, выкананым эмалевымі фарбамі. Такі дэкор з выявамі стылізаваных яблыневых галінак, лісточкаў і кветак быў адметнай рысай ракаўскай керамікі 1930-х гг.У верхняй частцы звонку і цалкам усярэдзіне пасудзіна  пакрыта шклопадобным засцерагальна-дэкаратыўным пакрыццём – палівай.

Па існаваўшай у Ракаве класіфікацыі прадмет адносіцца да “паўгарцавога” посуду, які мае аб'ём 4-6 літраў (змяшчае больш за 4 літры). Знойдзены супрацоўнікамі музея падчас камандзіроўкі ў в. Бабраўнікі Астравецкага раёна.

Макотра “цёрніца”


Макацёр "цёрніца"
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Макотра “цёрніца”; КП 5257 К 666; Сярэды, вёска / Пастаўскі павет / Віленскае ваяводства / Польская Рэспубліка;1920–1930-я гг.; гліна; лепка, абпал, гартаванне; в. – 11,7; д1 – 18,8; д2 – 13,8

Макотры служылі для расцірання маку, закваскі і прыгатавання цеста. У Паазер’і макотру называлі «цёрніца» і маглі таксама выкарыстоўваць як пячны і сталовы посуд.

Прадмет створаны ў тэхніцы кальцавога налепу, калі посуд спачатку выціскалі з аднаго камяка, утвараючы дно і пачатак сценак, а затым нарошчвалі патрэбную вышыню: павольна паварочваючы ганчарнае кола, налеплівалі на сценкі загадзя падрыхтаваныя цыліндрычныя жгуты ў выглядзе кольца. Такі архаічны спосаб вытворчасці з’яўляўся характэрнай рысай вясковага ганчарства Паазер’я і праіснаваў там да сярэдзіны XX ст.

Гаршчок


Гаршчок
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Гаршчок КП 6124 К 900; "лоханька"; Вярэйка Антон Іванавіч; Ганявічы, вёска / Клецкі раён / Мінская вобласць / БССР; 1984; гліна; лепка, абпал, гартаванне; в - 13,9; д1 - 18; д2 - 10,3.

Прадмет паходзіць з в. Ганявічы, дзе рабілі гартаваны (абварны) посуд. Гартаванне заключаецца ў тым, што распаленыя ганчарныя вырабы акунаюць у спецыяльны мучны раствор (абвару), пасля чаго на іх паверхні ўзнікаюць чорныя ці шэрыя плямы, добра бачныя на дадзеным гаршчку. У народзе гэтыя плямы называлі таксама “рабымі”, а саму кераміку “рабой”. Лічыцца, што гартаванне павышае трываласць посуду і змяншае порыстасць чарапка. Цікава, што такі старажытны спосаб апрацоўкі керамікі захаваўся да 1980-х гг. толькі ў в. Ганявічы, аднак, паступова яго ўдалося ўзнавіць і ў іншых месцах. Гартаваны посуд вырабляюць і сучасныя ганчары.

Рынка 


Рынка
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Рынка НД 2779; Поразава, г.п. / Свіслацкі раён / Гродзенская вобласць / БССР; 1989; гліна; тачэнне , глянцаванне, абпал, задымленне; в. - 13,5 см: д1 - 14,5 см: д2 - 8,5 см.

Прызначалася для  смажання ежы. Назва паходзіць ад старажытнанямецкага слова Rina (трохногі гліняны гаршчок). На беларускіх землях рынкі вядомы з XV ст. Іх шырока выкарыстоўвалі ў познім сярэднявеччы, аднак з цягам часу яны амаль цалкам выйшлі з ужытку. Адзіным вядомым месцам, дзе працягвалі вырабляць рынкі ў пач. XX ст. было мястэчка Поразава.

Прадмет  адносіцца да глыбокіх рынак, створаных з макотр, да дна якіх прылеплівалі тры кароткія ножкі. Пасудзіна аздоблена глянцаванымі палосамі і задымлена.

Дымленне ажыццяўлялася на апошнім этапе абпалу, калі ў горн ці печ падкідвалі смалякі, пасля чаго закрывалі камеру абпалу так, каб туды не паступаў кісларод. У выніку безкіслароднага згарання паліва ўтваралася пэўная хімічная рэакцыя, якая надавала чарапкам посуду чорны ці сіняваты колер. Акрамя змены колеру, дымленне рабіла чарапок менш порыстым і больш трывалым.

З дымленнем часта спалучалі глянцаваннне. Глянцавалі посуд наступным чынам: перад абпалам на прасушаны посуд крэменем наносіліся пэўныя ўзоры, якія пасля дымлення набывалі адметнае металічнае адценне.

Рынку вырабіў па замове музея ганчар Іосіф Шопік з г.п. Поразава Свіслацкага раёна ў 1989 г. 

 Цацка-свістулька "Вершнік на кані" 


Цацка-свістулька "Вершнік на кані"
by Belarusian skansen
on Sketchfab

Цацка-свістулька "Вершнік на кані" КП 7090 К 1241; Жылінскі Зыгмунд Людвігавіч; Ружаны, г/п / Пружанскі раён / Брэсцкая вобласць / БССР;  1985 г.; гліна; лепка, абпал, выцісканне; 13 х 11,5.

Цацку зляпіў па замове музея Зыгмунт Жылінскі (1911-1988 гг.) з Ружан. Яго вырабы, у адрозненні ад традыцыйных цацак, былі павялічаных памераў, больш дэталізаванымі, набліжаліся да дэкаратыўнай скульптуры. Найбольш папулярнай цацкай у аўтара быў конь з вершнікам, на якім былі апрануты розныя галаўныя ўборы: пілотка, фуражка, канфедэратка, карона і г.д.