Калекцыя «Адзенне» ў зборы Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту налічвае больш за 1600 музейных прадметаў. Калекцыя працягвае няспынна папаўняцца. Назва калекцыі кажа сама за сабе, не цяжка ўявіць што ў яе ўваходзіць. Гэта разнастайная бялізна, дзіцячае, жаночае і мужчынскае адзенне, якое ў сваю чаргу падзяляецца на сялянскія і гарадскія строі. У большасці сваёй калекцыя складаецца з такіх вырабаў як кашулі, сукенкі, спадніцы, нагавіцы, паясы, вопратка, царкоўнае аблачэнне. Калекцыя «Адзенне» дае ўяўленне аб разнастайнасці і прыгажосці беларускага народнага строя, майстэрстве і тонкім гусце беларускіх майстрых, якія стваралі сапраўдныя творы мастацтва.
Першы запіс у інвентарнай кнізе калекцыі датуецца 14 снежня 1977 года – камізэлька 1920-х гадоў, набытая пад час экспедыцыі ў Валожынскі раён.